ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,

спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.А.Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл. Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл. аквакультуру.

т. 4, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)